На выездзе з Беларусі зноў чэргі. У чатах пішуць, што нікога нікуды «не пускаюць», — а вось што кажуць у ДПК
1 лiпеня 2024 у 1719826920
«Зеркало»
Раніцай 1 ліпеня зноў сабралася доўгая чарга з аўтобусаў і легкавікоў у пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай, пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржпамежкамітэта. Тыя, хто стаяць у «калейцы», пішуць у чатах, што іх гадзінамі нікуды «не пускаюць», беларускія памежнікі скардзяцца на «павольных» польскіх калегаў.

Станам на 12.00 панядзелка выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць 45 аўтобусаў. У чатах пра перасячэнне мяжы паведамляюць, што час чакання праезду на польскі бок складае да 20 гадзін. Адзін з пасажыраў расказаў, што яго аўтобус стаіць без руху з 2 гадзін ночы і «пакуль проста не пускаюць нікога» з невядомай прычыны.
Акрамя таго, у пункце пропуску «Брэст» стаяць 200 легкавікоў.
У адным з паблікаў замкнёныя ў «калейках» паабапал мяжы людзі напісалі, што «на мост (на памежнай рацэ Буг. - Заўв. рэд.) не пускаюць з боку Польшчы». На гэта ім адказалі, што «з боку Беларусі таксама руху няма». У суседнім чаце паскардзіліся на ранішнюю перазменку ў беларускім пункце пропуску, пасля якой «усё пайшло неяк павольней».
Аднак, мяркуючы з тэлеграм-чатаў, людзі ўсё ж перасякаюць мяжу, хоць і пасля шматгадзіннага чакання. Многія расказваюць пра пільны дагляд на ўездзе ў Беларусь, асабліва аўтамабіляў з нумарамі ЕС, які ў «суме займае хвілін сем».
Дзяжурны памежнік пункта пропуску «Брэст», куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як звычайная грамадзянка, запэўніў, што беларускі памежны пераход прапускае ў штатным рэжыме. Але паскардзіўся на польскіх калегаў, якія «працуюць павольна, вельмі павольна». Паводле яго, цяперашняя сітуацыя - звычайная апошнім часам.
Чэргі ёсць і на літоўскім кірунку: у пункце пропуску «Каменны Лог» апоўдні панядзелка выезду з Беларусі чакаюць 60 легкавікоў, у «Беняконях» - 70.
У пункце пропуску «Грыгароўшчына» (Латвія) прастойвае 35 аўтамабіляў.
Акрамя таго, на мяжы Беларусі і ЕС стаяць 1670 фур: 500 - у «Каменным Логу», 580 - у «Беняконях», 540 - у «Грыгораўшчыне», 50 - у «Казловічах».