Улады хочуць запусціць чарговую базу звестак пра насельніцтва, да якой сілавікі атрымаюць кругласутачны доступ. Парламент зацвердзіў новаўвядзенне
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Парламент 14 траўня ў другім чытанні зацвердзіў законапраект, якім збіраюцца ўкараніць новаўвядзенні што да паштовай дзейнасці. Сярод іншага чыноўнікі хочуць запусціць спецыяльную базу звестак пра паштовыя адпраўленні і гарантаваць сілавікам кругласутачны доступ да яе. Далей дакумент пойдзе на разгляд у Савет Рэспублікі, а потым — Аляксандру Лукашэнку.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Alvaro Reyes / unsplash.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Alvaro Reyes / unsplash.com

Нагадаем, законапраект прадугледжвае, што «Белпошта» мусіць стварыць і запусціць спецыяльную базу ўліку і захоўвання звестак пра перамяшчэнне паштовых адпраўленняў. У яе, як плануецца, будуць заносіць інфармацыю пра пасылкі кліентаў.

«Нацыянальны аператар паштовай сувязі забяспечвае праектаванне, стварэнне, эксплуатацыю і праграмна-тэхнічнае суправаджэнне, у тым ліку мадэрнізацыю праграмнага забяспечання, адзінай аўтаматызаванай сістэмы ўліку і захоўвання звестак пра перамяшчэнне паштовых адпраўленняў, з’яўляецца яе ўладальнікам і аператарам», — паведамілі ў парламенце.

Пры гэтым «Белпошта» павінная «забяспечваць кругласутачны доступ да сістэмы ўліку і захоўвання звестак органам, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». Відавочна, гаворка пра тое, каб даць сілавікам доступ да гэтай базы ў рэжыме 24/7, каб яны маглі ў любы час сутак атрымліваць адтуль звесткі.

«Пашыраецца пералік суб’ектаў, якія маюць права на кругласутачны доступ, уключаючы дыстанцыйны, да сістэмы ўліку і захоўвання звестак, з ліку дзяржаўных органаў, якія не ажыццяўляюць аператыўна-вышуковай дзейнасці, з улікам дадзенага заканадаўствам права гэтым дзяржаўным органам атрымліваць звесткі з інфармацыйных рэсурсаў і мець доступ да іх», — растлумачылі ў парламенце.

Пры гэтым аператар паштовай сувязі абавязаны будзе перадаваць у гэтую сістэму ўліку і захоўвання звестак інфармацыю пра рэгістраваныя адпраўленні. Гаворка ў тым ліку пра адрасныя звесткі іх адпраўнікаў і адрасатаў.

Сілавікі, відаць, змогуць атрымліваць доступ да любога паштовага адпраўлення. Прычым звесткі ў гэтай базе будуць захоўвацца, як плануецца, пяць гадоў.

Як раней паведамлялі ў парламенце, змяненні хочуць увесці, каб гарантаваць нацыянальную бяспеку краіны і насельніцтва. Дарэчы, паслугі паштовай сувязі па адпраўцы пасылак аказвае 21 аператар (такая ж іх колькасць агучваецца і на сайце Мінкамсувязі). Сярод іх — «Белпошта», «Еўрапошта», сэрвіс dostavka24, кампанія DPD і іншыя.

Як цяпер пошта ўзаемадзейнічае з сілавікамі (прынамсі, паводле дакументаў)

У законе, які датычыць працы пошты, прапісаныя абавязкі паштовых аператараў па ўзаемадзеянні з органамі, што праводзяць аператыўна-вышуковую дзейнасць.

Сярод такіх абавязкаў:

  • перадаваць інфармацыю пра карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі і пра аказаныя ім паслугі паштовай сувязі, а таксама іншую інфармацыю;
  • спрыяць у правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў;
  • забяспечваць доступ да базаў звестак, аўтаматызаваных сістэм аператара паштовай сувязі.