У Беларусі ў траўні завяршыўся эксперымент з платнай медыцынай, але ўжо ў жніўні ён адновіцца, вынікае з пастановы Саўміна «Пра аказанне платных медыцынскіх паслуг у парадку эксперыменту», апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Спіс удзельнікаў пашырылі больш чым удвая.

Сутнасць эксперыменту ў тым, што ў выхадныя і святочныя дні некаторыя медустановы па жаданні грамадзян аказваюць платныя паслугі, якія адносяцца «да планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі» (за выключэннем медпаслуг, якія аказваюцца дзецям, а таксама трансплантацыі органаў і тканак).
Раней такі эксперымент праводзіўся з 1 траўня 2022 года да 1 траўня 2023 года. Цяпер ён пройдзе з 1 жніўня 2023-га да 1 верасня 2024 года.
Змены закранулі спіс медустановаў — ён стаў большы. Калі раней гэта былі шэсць навукова-практычных цэнтраў і 12 бальніц, то са жніўня ў пераліку ўжо восем рэспубліканскіх НПЦ і адзін мінскі, а таксама 30 бальніц — 15 у Мінску, астатнія ў рэгіёнах — у Барысаве, Магілёве, Гродне, Лідзе, Гомелі, Віцебску і Брэсце.
Сумесна з мясцовымі ўладамі Міністэрства аховы здароўя прыме меры па рэалізацыі эксперыменту і «захаванні ў поўным аб’ёме гарантаванай бясплатнай медыцынскай дапамогі, якая даецца грамадзянам». Да 1 кастрычніка 2024 года вынікі эксперыменту будуць прааналізаваныя, справаздачу пададуць у Саўмін.
Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначаў, што такое новаўвядзенне дазваляе медыкам атрымліваць «дадатковую заработную плату менавіта ў тых установах, дзе яны працуюць на пастаяннай аснове».