«Мяне трэсла, цяклі слёзы». Самалёт «Белавіі», які ляцеў з Брэста ў Анталью, давялося развярнуць над Расіяй — вось чаму
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У панядзелак, 12 траўня, «Белавія» пачала сезон палётаў у Анталью з Брэста. Але пасажырам давялося пахвалявацца — пасярод дарогі, калі судна пралятала над Расіяй, яго развярнулі назад. Пра гэта ў Instagram расказала блогерка Крысціна Абубакірава.

Маршрут самолета "Белавиа", который летел из Бреста в турецкую Анталию 12 мая 2025 года, но развернулся в середине пути. Скриншот: flightradar24.com
Маршрут самалёта «Белавіі», які ляцеў з Брэста ў турэцкую Анталью 12 траўня 2025 года, але развярнуўся пасярод дарогі. Скрыншот: flightradar24.com

Як піша Крысціна ў сторыс, самалёт змяніў курс прыкладна за тры гадзіны да прызямлення ў Турцыі:

— Пілот у мікрафон кажа: наш самалёт разварочваецца з тэхнічных прычын і ляціць у Мінск. Праз дзве гадзіны будзем у Мінску.

Ніякай дадатковай інфармацыі пасажырам не паведамілі. Паводле блогеркі, «спалохаліся ўсе». А тыя, хто часта лётае, казалі, што «такое ўпершыню».

— І як бы я ні спрабавала сябе супакоіць, мяне трэсла, цяклі слёзы, — расказала Крысціна. — У думках ужо развітвалася са сваёй сям’ёй. Гэта страшна, у галаве нават усплывала карцінка могілак. Але я рэальна старалася трымаць сябе ў руках і кантраляваць свае думкі. Проста сітуацыя — п**дзец.

У Турцыю беларуска ляцела разам з двума дзецьмі і мужам. Прызнаецца, што супакоілася пасля таго, як узяла малодшае дзіця на рукі. Дапамог і муж, які «не разводзіць панікі». Паводле Крысціны, калі яна звярнулася з пытаннямі да сцюардэсы, тая запэўніла, што перажываць няма праз што і што «калі б было нешта страшнае, вы б пра гэта ведалі, і мы б з вамі ўжо рыхтаваліся».

У выніку ў той час, калі самалёт мусіў сесці ў Антальі (то-бок каля 20.00), ён прызямліўся ў Мінску. Усё прайшло добра, тлумачыць жанчына, але адзначае, што падчас пасадкі моцна заклала вушы — не «як звычайна».

Праз паўтары гадзіны пасажыраў пакармілі, а новы самалёт далі да гадзіны ночы. Праблем з чаканнем не ўзнікла: малодшае дзіця заснула, старэйшая дачка гуляла з іншымі дзецьмі.

— Але калі я даведалася прычыну, праз якую нас вярнулі, я а**ела, не тое слова, — працягвае аповед Крысціна. — У нашым самалёце трэснула лабавое шкло, там, дзе сядзіць пілот. Вы проста ўявіце, сітуацыя 50/50, яно ж магло ўзарвацца!

Блогерка Кристина Абубакирова во время дороги в Турцию и вынужденной пересадке в Минске, 13 мая 2025 года. Скришот сториз в Instagram Кристины
Блогерка Крысціна Абубакірава падчас дарогі ў Турцыю і вымушанай перасадкі ў Мінску, 13 траўня 2025 года. Скрыншот сторыс у Instagram Крысціны

Адзначым, што ў прамым сэнсе ўзарвацца шкло не можа, але глыбокія расколіны ў ім сапраўды могуць прывесці да разгерметызацыі судна. Праўда, часцей за ўсё трэскаецца адзін з пластоў шкла, такія выпадкі ўжо здараліся з беларускімі самалётамі. Напрыклад, у лістападзе 2022 года трэснула шкло самалёта Boeing 737−800, які ляцеў з Мінска ў Шарджу (горад у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах). Тады «Белавія» заяўляла, што расколіны «ўзнікаюць выпадковым чынам і не могуць быць спрагназаваныя авіякампаніяй», а прычына звычайна ў «стомленасным напружанні» шкла.

— Растрэскванне покрыўнага пласта лабавога шкла кабіны пілотаў без пашкоджання сілавых элементаў не ўплывае на бяспеку палёту, — паведамляла тады кампанія.

Што кажуць у «Белавіі»?

Каб даведацца дэталі, нашая журналістка патэлефанавала ў службу даведкі «Белавіі». Там сітуацыю пракаментаваць не змаглі. Са словаў супрацоўніцы, у яе ёсць інфармацыя толькі за сённяшні дзень. У прыёмным пакоі гендырэктара кампаніі таксама расказалі, што пра такое не чулі.

Пры гэтым пра растрэскванне лабавога шкла самалёта «Белавіі», які ляцеў 12 траўня з Брэста ў Анталью, паведаміў тэлеграм-канал Aviaincident.

Інфармацыю пра гэта аўтары канала, відаць, атрымалі ад прадстаўнікоў Растоўскай зоны адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху Расіі (АС АрПР). Там, у сваю чаргу, даведаліся пра здарэнне па пошце ад дыспетчара з цэнтра планавання і каардынавання Растоўскага занальнага цэнтра.

Згодна з гэтай інфармацыяй, 12 траўня ў 16.48 борт «Белавія» далажыў пра расколіну на лабавым шкле з унутранага боку ў другога пілота і папрасіў пра зніжэнне. У выніку судна вярнулася ў Беларусь і прызямлілася ў Мінску.

Чытайце таксама