Камунальнікі расказалі, дзе ў Мінску пакуль лепш не піць ваду з крана пасля аварыі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Праз прарыў на водаправодзе некаторым мінчукам пакуль не рэкамендуецца піць ваду з-пад крана, гатаваць на ёй ежу ці мыцца. Санстанцыя са спасылкай на «Мінскводаканал» удакладняе, якія вуліцы закранутыя аварыяй і па якіх адрасах прывозяць аўтацыстэрны з пітной вадой.

Кран з вадой. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Паводле звестак УП «Мінскводаканал» на 16.00, праз аварыю няякасная вада з кранаў можа цячы ў дамах па вуліцах Сурганава, Някрасава, Бяды, Усходняя, Я. Коласа, Валгаградская, К. Чорнага, Філімонава, Высоцкага, Агінскага, Баграціёна, Солтыса, Карвата, Сувязістаў і праспекце Незалежнасці (ад вул. Гікалы да вул. Філімонава).

«Па іншых адрасах Першамайскага, Партызанскага і Савецкага раёнаў змянення якасці вады не назіраецца. Аўтацыстэрны з пітной вадой перамяшчаюцца па адрасах, у залежнасці ад зваротаў ва УП „Мінскводаканал“», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, увечары 6 верасня ў раёне парку Чалюскінцаў прарвала трубу метровага дыяметра з халоднай вадой. Гэта прывяло да перабояў з водазабяспечаннем у Партызанскім, Першамайскім і Савецкім раёнах сталіцы. Ноччу ўжо 7 верасня падачу вады аднавілі па абводных лініях, але медыкі рэкамендавалі пакуль яе не выкарыстоўваць, а для пітва, гатавання і мыцця браць падвозную або бутыляваную ваду.

Падвоз вады «Мінскводаканалам» арганізаваны па наступных адрасах:

  • Лагойскі тракт, 8,
  • вул. Фрунзе, 3
  • вул. Авангардная, 42,
  • вул. Макаёнка, 17,
  • вул. Каліноўскага, 34,
  • вул. Ф. Скарыны, 7,
  • вул. Навуковая, 4,
  • вул. Сувязістаў, 7,
  • вул. Карвата, 76,
  • вул. Солтыса, 60,
  • вул. Валгаградская, 19Б.