На мяжы затрымалі мужчыну, якога абвясцілі ў міжнародны вышук за каментар пра гібель супрацоўніка КДБ
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Памежнікі затрымалі на мяжы з Літвой беларуса, які «ўхваляў забойства супрацоўніка КДБ», паведамілі ў прэс-службе Дзяржпамежкамітэта.

Пограничные столбы на границе Беларуси и Литвы в Друскининкай, Литва, 4 ноября 2021 года. Фото: Reuters
Памежныя слупы на мяжы Беларусі і Літвы ў Друскінінкаі, Літва, 4 лістапада 2021 года. Фота: Reuters

Паведамляецца, што мужчына збіраўся незаконна трапіць у Літву з мэтай ухілення ад крымінальнай адказнасці.

«Устаноўлена, што зламыснік у 2021 годзе пакідаў каментары ў адным з „экстрэмісцкіх“ каналаў і ўхваляў забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, якое адбылося 28 верасня 2021 года. З лютага гэтага года мужчына знаходзіцца ў міжнародным вышуку як падазраваны па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці ці разладу)», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.

Таксама памежнікі затрымалі кіроўцу, да якога «звярнуліся беларусы з-за мяжы для дастаўкі шуканага проста да дзяржмяжы, абяцаўшы добра заплаціць за працу».

Інцыдэнт на Якубоўскага

28 верасня 2021 года сілавікі ўварваліся ў кватэру на мінскай вуліцы Якубоўскага, адбылася страляніна, у выніку якой загінулі два чалавекі. Смяротна паранены быў супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк з пазыўным Нірвана. Загінуў таксама IT-спецыяліст Андрэй Зельцэр.

Паводле КДБ Беларусі, супрацоўнікі прыйшли ў кватэру падчас «адпрацоўкі адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці». КДБ заяўляў, што па супрацоўніках адкрылі агонь са стрэльбы на паражэнне, а стралка забілі агнём у адказ.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт.139 (Забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці).

У наступныя дні прэс-служба КДБ паведаміла, што за каментары ў сацсетках пад публікацыямі пра загінулых затрымалі каля 200 чалавек, у дачыненні да іх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 130 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Для затрыманых па «справе Зельцэра» ні ў ІЧУ, ні ў следчай турме № 8 не прымалі перадачы больш за паўтара месяца. Людзей абмяжоўвалі ў перапісцы, атрыманні пасылак і ў некаторых выпадках — сустрэчах з адвакатамі. Прычынай такіх абмежаванняў супрацоўнікі жодзінскай турмы называлі «каранцін па каранавірусе».

Паўтара месяца зняволеныя сядзелі ў перапоўненых камерах у тым адзенні, у якім былі затрыманыя, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Праваабаронцы «Вясны» звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН з нагоды жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі. Зварот быў скіраваны да спецдакладчыкаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, па пытанні катаванняў і іншых формаў бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання Нілса Мелзера, па пытанні пра заахвочванне і абарону права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан, а таксама ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ. Судзілі Марыю як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне», таму на судзе яе інтарэсы прадстаўляла яе маці. Суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла ёй прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

А журналісту Генадзю Мажэйку, які напісаў нататку пра загінулага айцішніка Зельцэра, далі тры гады калоніі.