Ваенныя расследавальнікі і эксперты: ракета, якая ўпала на рынак у Канстанцінаўцы, прыляцела з украінскага боку
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Ракета, якая ўпала на рынак ва ўкраінскай Канстанцінаўцы, прыляцела з тэрыторыі, што кантралюецца Украінай, лічыць каманда OSINT-даследчыкаў Conflict Intelligence Team і ваенны аглядальнік Bild Юліян Ропке. Як піша «Агенцтва», такія высновы яны зрабілі на аснове відэа, якое напярэдадні апублікаваў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Последствия российского удара по рынку в Константиновке. Донецкая область, Украина, 6 сентября 2023 года. Фото: Reuters
Наступствы расійскага ўдару па рынку ў Канстанцінаўцы. Данецкая вобласць, Украіна, 6 верасня 2023 года. Фота: Reuters

Першым свае высновы апублікаваў ваенны аглядальнік Bild Юліян Ропке. На апублікаваным Зяленскім відэа людзі паварочваюцца ў бок ракеты ў палёце. Акрамя таго, ракета адлюстроўваецца ў кузавах машын, што стаяць на рынку. Улічваючы размяшчэнне камеры, ракета ляцела з паўночнага захаду, дзе знаходзяцца падкантрольная Украіне тэрыторыі, піша журналіст. Пры гэтым ён асабліва падкрэслівае, што не будзе рабіць выснову пра тое, каму належыць ракета, бо абодва бакі выкарыстоўваюць такую зброю.

Заснавальнік CIT Руслан Левіеў у зводцы на YouTube-канале Майкла Накі таксама расказаў, што ракета прыляцела з паўночнага захаду. Свае высновы ён робіць грунтуючыся на тых самых сведчаннях, што і Ропке: мінакі паварочваюцца ў бок ракеты за імгненні да падзення, а ў карпусах машын відаць яе адлюстраванне. Акрамя таго, Левіеў нагадаў, што найбліжэйшыя да Канстанцінаўкі расійскія пазіцыі на поўначы Украіны размешчаныя прыкладна за 250 км — гэта Белгародская вобласць. Версію пра ўдар адтуль Левіеў лічыць малаімавернай. Таму эксперт прыходзіць да высновы, што ракета, хутчэй за ўсё, была ўкраінскай. Ён падкрэсліў, што ў CIT лічаць гэта выпадковасцю.

Версія пра тое, што на Канстанцінаўку ўпала менавіта ўкраінская ракета, яшчэ з учорашняга дня актыўна распаўсюджваецца па прарасійскіх тэлеграм-каналах. Украіна абвінаваціла ў тым, што адбылося, расійскі бок.

Рынак у Канстанцінаўцы быў абстраляны ўдзень 6 верасня. Загінулі 16 чалавек, 33 атрымалі раненні. Былі пашкоджаныя больш чым 20 гандлёвых пунктаў. У паліцыі Данецкай вобласці паведамілі, што ёсць некалькі версій адносна тыпу ўзбраення, якім быў нанесены ўдар. Дакладная інфармацыя будзе апублікаваная пасля правядзення экспертызы.