У Беларусі да канца наступнага года можа з’явіцца ўласны галасавы памочнік — нацыянальная версія «Алісы» і Siri. Пра гэта выданню «СБ — Беларусь сегодня» расказаў гендырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Сяргей Круглікаў — менавіта яго супрацоўнікі працуюць над праектам.

Круглікаў паабяцаў, што новая распрацоўка не будзе копіяй галасавых памочнікаў, якія ўжо існуюць: яе плануецца «адаптаваць пад нашае грамадства», разглядаюцца некалькі кірункаў, па якіх яна б магла камунікаваць з карыстальнікамі.
— Мы працуем для гэтага з інстытутамі гісторыі, сацыялогіі і іншымі, каб гэта быў не проста суразмоўца, а новы прадукт, які дазваляў бы арыентавацца ў розных галінах ведаў, — патлумачыў Круглікаў.
Распрацоўка беларускай версіі разумнага памочніка вядзецца ў лабараторыі сінтэзу маўлення. Чакаецца, што ён з’явіцца да канца 2023 года. Пры гэтым прататып ужо існуе — яго абяцаюць паказаць пазней.
Дырэктар Інстытута назваў новы праект «выдатным напрамкам для імпартазамяшчэння» і выказаў меркаванне, што ў будучыні ім зацікавяцца кол-цэнтры і буйныя кампаніі накшталт «Белтэлекама».