Усё часцей чыноўнікі і афіцыйныя асобы Беларусі выкарыстоўваюць словы з беларускай мовы ў негатыўным ці зняважлівым кантэксце, калі кажуць пра апанентаў дзейнай улады. Апошні выпадак — прапагандыст Ігар Тур, які ў рускамоўнай прамове сказаў па-беларуску, што ворагі ўлады абвінавачваюць яе ў змяншэнні падтрымкі шматдзетных сем’яў. У час пратэстаў 2020 года ў рускамоўны лексікон прыхільнікаў улады стала ўвайшло беларускае слова «змагар», якім абзываюць усіх, хто не згодны з тым, што адбываецца ў краіне. «Люстэрка» разам з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам паспрабавала разабрацца, калі пачалося такое грэблівае стаўленне да беларускай мовы і дзе яго карані.

Вінцук Вячорка, 62 гады. Філолаг, выкладчык і палітык. Актыўны ўдзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі яшчэ з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Адзін з аўтараў упарадкавання беларускага класічнага правапісу — так званай тарашкевіцы. З 1999 да 2007 года быў старшынёй Партыі БНФ.
«Лукашэнка — адзін з тых людзей, якія прайшлі праз моўнае ярлыкаванне»
— Калі гэта пачалося — здзеклівае выкарыстанне беларускіх словаў рускамоўнымі людзьмі і ўвогуле прыніжэнне тых, хто размаўляе па-беларуску?
— Прыніжэнне чалавека паводле нацыянальнай прыкметы — распаўсюджаная з’ява ў шматнацыянальных і шматмоўных грамадствах. Цікава тое, што і савецкая прапаганда, і прапаганда лукашэнкаўская, і сам Лукашэнка не толькі не звярталі на гэта ўвагі, але і публічна заяўлялі пра адсутнасць такіх праблемаў. «Мы не паримся по причине языковых проблем», — казаў неяк Лукашэнка. Маўляў, моўных праблемаў у Беларусі не было, няма, і мы не хочам іх ствараць.
У савецкі час беларускамоўных людзей у горадзе маглі абражаць, але, як правіла, гэта было звязана з меркаваным сацыяльным паходжаннем. Абзыванні былі розныя — калхознік, дзярэўня, дзяроўня. Думаю, праз гэтае ярлыкаванне прайшло даволі шмат людзей, якія ў 70-я і 80-я гады масава перасяляліся з беларускіх вёсак у гарады падчас вельмі хуткай урбанізацыі. Гэта адбівалася на іх моўных паводзінах — людзі саромеліся сваёй беларускай мовы, лексічных уключэнняў, беларускага акцэнту.
— Лукашэнка ж таксама нарадзіўся ў вёсцы і потым перабраўся ў горад. Адкуль у яго такі негатыў да беларускай мовы?
— Падазраю, што Аляксандр Лукашэнка — таксама адзін з тых людзей, якія прайшлі праз моўнае ярлыкаванне. Ясна, што мы не маем ніякіх сведчанняў пра тое, кпілі з яго ў Магілёве альбо ў Мінску з прычыны яго акцэнту ці ён сам сабе надумаў свае комплексы, але імкненне пазбыцца слядоў беларускай мовы ў сваім рускім маўленні сведчыць пра многае.
Зрэшты, выбар самых першых палітычных крокаў пасля таго, як ён прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, пра ўсё гаворыць. Можна колькі заўгодна паўтараць, што ў нас няма ніякай моўнай праблемы і яе штучна раздзімаюць так званыя «свядомыя», «змагары», але калі ты пачынаеш сваё панаванне з рэферэндуму менавіта на моўную тэму, то гэта адказ на ўсе пытанні. Значыць, гэта балючая тэма. Значыць, яна турбуе грамадства. Значыць, яна турбавала, турбуе і будзе турбаваць і таго, хто арганізаваў гэты рэферэндум.
— Чыноўнікі і прапагандысты, якія размаўляюць па-руску, часта выкарыстоўваюць словы з беларускай мовы ў негатыўным кантэксце. Дзеля чаго?
— Чыноўнікі, якія кпліва ўжываюць беларускія словы, усяго толькі паўтараюць моўныя паводзіны свайго боса. Беларускія цытаты, сапраўдныя альбо ўяўныя, ён устаўляе ў сваё маўленне тады, калі яму трэба кпліва і прыніжальна ахарактарызаваць сваіх апанентаў.
Калі-нікалі ён прыпісвае беларускія словы нават тым сваім апанентам, якія беларускай мовай не карыстаюцца. Скажам, калі пачыналася рэвалюцыя 2020 года, то далёка не ўсе яе персаніфікаваныя ўвасабленні карысталіся беларускай мовай. Тым не менш Лукашэнка беларускамоўныя цытаты і тэрміны ім прыпісваў. Гэта значыць, што ў яго і чыноўнікаў беларуская літаратурная мова трывала атаесамляецца з палітычнымі апанентамі, а апанентаў Лукашэнка лічыць ворагамі. Гэта зусім не тая сітуацыя, як у сталых дэмакратыях — у цябе ёсць апаненты, але вы можаце мець кансэнсус у нейкіх прынцыповых каштоўнасцях.

«Бацькам ён назваў сябе сам»
— Дзе карані такога стаўлення да беларускай мовы?
— Не магу не сказаць, што моўныя паводзіны Лукашэнкі ў рускім моўным полі таксама вельмі спецыфічныя. Сапраўды, ён грэбліва ўстаўляе беларускія словы ў сваю рускамоўную гаворку. Калі-нікалі робіць гэткія рэферэнтныя спасылкі: «Сейчас я скажу по-народному, как принято в народе, по-простому». І што ж ён тады кажа? Напрыклад, «на храна». Але штука ў тым, што выраз «на храна» ні ў якім разе не беларускі народны. Гэты выраз мае карані ў рускім крымінальным жаргоне. Слова «хрэн» мае некалькі значэнняў, адно з іх — мужчынскі палавы орган. Гэта зусім прадказальна, паколькі ёсць супадзенне першай літары з вядомым нецэнзурным коранем. Там яго карані.
Зрэшты, там жа, у рускім крымінальным жаргоне, карані іншых ягоных любімых словаў — «наклонить», «не париться». Прычым, як правіла, яны там таксама маюць шырокую семантыку, але судакранальную з так званай крымінальнай эротыкай.
Яшчэ адзін момант, які таксама звязаны з ягонымі моўнымі паводзінамі, — гэта ўкараненне ў рускамоўную прастору Беларусі словаў, якія, магчыма, сам ініцыятар лічыць беларусізмамі, але яны такімі не з’яўляюцца. Прыблізна з канца 90-х гадоў пачалося ўпартае ўкараненне слова «бацька» ў дачыненні да сябе самога, але з агаворкай: «Ну, меня так иногда называют». Але папраўдзе ўсе даследаванні даступных тэкстуальных архіваў пераконваюць, што не, чалавек найперш сябе сам так называў. І толькі цягам апошніх трох гадоў, калі з’явіўся так званы феномен «ябацек», гэтае слова пачало ўжывацца самастойна, а не ім самім пра сябе ў трэцяй асобе.
А пераняў ён гэтае слова ў расійскага губернатара Краснадарскага краю [Мікалая] Кандраценкі, з якім, відавочна, сябраваў, ездзіў да яго пераймаць досвед. Той сябе так называў, відаць, паводле кубанскай традыцыі, і гэта вельмі падабалася Аляксандру Лукашэнку, пра што ён сам неяк і расказаў у адным з сваім біяграфічна-лірычных адступленняў.
А ў беларускай традыцыі слова «бацька» ніколі не мела семантыкі «правадыр», «аўтарытэт», калі, зноў жа, карыстацца рускай крымінальнай парадыгматыкай. Гэтае значэнне — рускае і, у нейкай ступені, украінскае, казацкае, але ні ў якім разе не беларускае. У нас бацька — гэта бацька, гэта цёплае сямейнае слова. Адзіная не сямейная сфера, куды яно пранікла — гэта рэлігія. Але і там яно захоўвала пэўнае задушэўнае значэнне, але ні ў якім разе не іерархічнае.
І яшчэ адно слова — з беларускім коранем, але не беларускай суфіксацыяй — «бульбаш». Паводле маіх назіранняў, яшчэ ў 2009 годзе Лукашэнка ўжываў яго як экзаэтнонім (назва аднаго народа прадстаўнікамі іншага. — Заўв. рэд.). А ўжо праз 5 гадоў ён казаў: «Мы же бульбаши, почему у нас такой плохой урожай?» Гэта значыць, даў адмашку на яго выкарыстанне, не асудзіўшы гэтае слова, хаця яно з паходжання абсалютна эратыўнае (слова, свядома скажонае носьбітам мовы для надання пэўнага акцэнту. — Заўв. рэд.). І зноў жа, караніцца ў расійскім крымінальным жаргоне.
Бульбаш — гэта так званы этнафалізм, як называюць мовазнаўцы такія словы. Умоўна кажучы, гэта абзыванне паводле нейкай прыкметы, скажам, кулінарнай, пэўнага этнасу, народу, прычым з адмоўнай афарбоўкай і канатацыяй.
І тое, што Лукашэнка, абвясціўшы сябе і беларускі народ бульбашамі, даў адмашку чынавенству і прыдворным навукоўцам апраўдаць гэтае слова — абсалютна відавочна. Таму што, як толькі ён гэта зрабіў, у адказ на адразу некалькі спробаў праз суд аспрэчыць этычнасць і дарэчнасць ужывання ў якасці гандлёвай маркі слова «Бульбаш» (ёсць і мясныя, і гарэлачныя прадукты, якія так называюцца) Акадэмія навук прадукавала экспертызы, дзе без аніякіх спасылак на слоўнікі ці кантэкст сцвяржалася, што гэта абсалютна нармальнае слова, якое не нясе абразлівага пасылу. Нічога дзіўнага, таму што з найвышэйшай трыбуны краіны паступіў такі сігнал.
Карацей кажучы, мы бачым абсалютна сістэмнае, прынамсі ў першай сваёй праяве, паніжэнне статусу беларускай мовы і радыкальнае звужэнне сфераў яе ўжывання ў сучаснай дзяржаве. А на двух наступных узроўнях — укараненне рускага крымінальнага моўнага стандарту і ўжыванне беларускіх словаў выключна як адмоўных і эратыўных. Напэўна, гэта падсвядома, але ў цэлым тры лініі моўных паводзінаў гэтага чалавека карэлююць паміж сабой, яны ў гармоніі.
— А ці былі прыклады пазітыўнага выкарыстання беларускай мовы чыноўнікамі і Лукашэнкам?
— З ходу прыгадаць не магу. Але магу сказаць, што чалавек, якога мы абмяркоўваем, беларускай мовы публічна не цураўся. Было некалькі прэцэдэнтаў, калі ён 3 ліпеня, у дзень, якія абвешчаны галоўным дзяржаўным святам, выступаў на афіцыйным прыёме па-беларуску (сёлета Лукашэнка выступаў па-беларуску ў вёсцы Александрыя. Арцём Шрайбман тлумачыў чытачам «Люстэрка» навошта. — Заўв. рэд.).
Мушу падцвердзіць, што ў яго бездакорнае беларускае вымаўленне. Прычым вымаўленне натуральнае, засвоенае ў маленстве. І менавіта таму яму так цяжка даецца пазбаўленне гэтай артыкуляцыі. Гэта і цвёрдыя шыпячыя, і «у» нескладовае, і цвёрды «р», і моцнае аканне, а не рэдукаванне галосных знішчэннем іх тэмбру. Такая супярэчнасць: на фанетычным узроўні маем відавочны беларускі субстрат, а на ўсіх вышэйшых узроўнях — упартую спробу пазбыцца беларускасці.
— Гэтае пазбяганне грунтуецца на яшчэ савецкай траўме?
— Сотні тысяч, мільёны беларусаў прайшлі разам з урбанізацыяй моўную дэбеларусізацыю. Некаторыя людзі гэтыя свае моўныя комплексы пераадолелі ў пачатку 90-х гадоў, калі беларуская мова займела статус адзінай дзяржаўнай і рэальна прэстыжнай, калі яна надавала перспектывы кар’еры ў добрым сэнсе гэтага слова. Людзі вельмі ахвотна вярталіся да моўных навыкаў свайго дзяцінства і юнацтва. Але не ўсе. Некаторыя так з гэтых комплексаў і не вызваліліся. І, відавочна, яны былі адной з рухальных сілаў у гады моўнай рэакцыі сярэдзіны 90-х, якую персаніфікаваў Аляксандр Лукашэнка і ягоны рэферэндум.
«Бог ведае, колькі беларусаў не змаглі здаць экзамены проста таму, што камплексавалі»
— Падаецца, што ў савецкі час беларускай мовы ў афіцыйным дыскурсе было больш — па-беларуску друкавалі шмат кніг, былі беларускамоўныя школы, хай і ў вёсках. Лукашэнка настальгуе па СССР, але чаму ў моўным пытанні ў яго няма пераемнасці з саветамі?
— Я б сказаў, што пераемнасць якраз ёсць. Калі мы прааналізуем вынікі перапісаў насельніцтва пасля вайны, то пабачым, што акурат за камунізмам кожныя дзесяць гадоў колькасць усіх жыхароў Беларусі, якія лічылі беларускую мову роднай, падала на 4−6% — стабільная крывая, якая ішла ўніз.
Толькі моўнае адраджэнне канца 80-х — першай паловы 90-х гадоў, наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у 1990 годзе, якой яна заставалася ўсяго пяць з паловай гадоў, настолькі радыкальна змянілі гэтую страшную тэндэнцыю, што ў перапісе 1999 года адбыўся скачок уверх на 10−15%.
Гэта скачок, які відавочна мяняў тэндэнцыю і даваў шанец беларускай мове адрадзіцца. Калі б гэтага скачку не было, калі б услед за савецкай працягвалася лукашэнкаўская моўная палітыка, то становішча было б зусім катастрафічным.
Не забываймася, што менавіта ў Савецкім Саюзе цягам 60−70-х гадоў была цалкам знішчаная беларускамоўная адукацыя ў гарадах. У вёсках — так, школы былі беларускія, фактычна альбо фармальна. Менавіта таму і была відавочнай для кожнага чалавека, які праходзіў вось гэтую дарогу з вёскі ў горад, тая чырвоная лінія, моўны мур, калі ён, напрыклад, здаючы экзамен па матэматыцы, мусіў адмовіцца ад звыклых яму «прамянёў» ці «складання» на карысць «луча» і «сложения». Бог ведае, колькі беларусаў не змаглі здаць экзамены проста таму, што камплексавалі і стрэсавалі з прычыны моўнай ломкі, калі выкладчыкі, асабліва прыезджыя, банальна не дазвалялі ім здаваць іспыты па-беларуску.
Так што камуністычная савецкая палітыка, ніякіх ілюзій мець не трэба, вынішчала функцыянальную базу беларускай мовы. Аднак, з другога боку, быў нейкі усярэднены агульнасавецкі стэрэатып нацыянальна-моўнай палітыкі, якая мусіла быць аднолькавай што ў Эстоніі, што ў Кыргызстане, што ў Беларусі. Гэта пазіцыя, што нейкі адсотак кніг у саюзных рэспубліках мусіў выдавацца на нацыянальных мовах, што мусіла быць радыё, а таксама прынамсі вясковыя школы мусілі быць на нацыянальнай мове.
Як ні парадаксальна, пры ўсёй русіфікацыйнай лініі нейкая прастора, скажам, для кнігавыдавецтва і для інфармацыйнага поля была. Гэтую магчымасць выкарыстоўвалі свядомыя людзі з місіяй. Той жа Генадзь Бураўкін, які быў не толькі пісьменнікам, але і савецкім чыноўнікам, нейкім цудам трапіў на пасаду кіраўніка беларускага тэлебачання і радыё. Гэта раптоўна дало яму абсалютна ўнікальныя магчымасці ўплыву на моўны кантэкст і інфармацыйную прастору з гледзішча мовы. Цэлае пакаленне дзяцей, гуляючы ў футбол у двары, каментавала сваю беганіну па-беларуску праз выдатнае футбольнае каментаванне, якое з’явілася дзякуючы Бураўкіну.
Але гэта было не правіла, а вынятак савецкай камуністычнай палітыкі. Прыход Лукашэнкі і старт ягонай моўнай палітыкі (пры тым, што ён ніколі не прызнаваўся, што ёсць нейкая моўная палітыка) звязаныя акурат з вяртаннем у гэтую лінію заняпаду, якую перапыніла адраджэнская хваля пачатку 90-х.
— Хтосьці з прадстаўнікоў вашага пакалення казаў, што ў 80-х у Мінску беларускамоўных людзей ён мог пералічыць на пальцах адной рукі. Цяпер такіх людзей, відавочна, будзе больш. Ці хвалюецеся вы за будучыню беларускай мовы?
— За будучыню беларускай мовы я хвалююся ўсё жыццё. Спрабую для гэтага нешта рабіць, а таксама шукаю пэўныя стратэгічныя адказы. Адбыўся вельмі значны тэктанічны зрух за гэтыя дзесяцігоддзі. Ён абсалютна стратэгічны і вымагае зусім новых падыходаў.
Рэч у тым, што мы па-рознаму разумеем панятак «беларускамоўныя». Мы ведалі асабіста людзей, якія прынцыпова, свядома заўсёды карыстаюцца ў горадзе стандартнай беларускай мовай. Умоўна кажучы, літаратурнай беларускай мовай пэўнага стандарту. Але штука ў тым, што сотні тысяч тых самых мінчанаў тады карысталіся роднай гаворкай з моцнай інфільтрацыяй рускай мовы, гэта тое, што потым набыло непаважлівае найменне «трасянка».
Ці, урэшце, пасіўна, але добра валодаючы беларускай мовай, устаўлялі ў сваё рускае маўленне (дзеля сакавітасці ці таму, што не маглі рускага слова падабраць) беларусізмы — на ўзроўні аднаго слова, цэлай фразы, фразеалагізма, нейкага крылатага выразу. Гэтыя людзі (плюс людзі, якія яшчэ жылі ў вёсках) і давалі сацыяльную базу будучыні беларускай мовы.
Цяпер беларускі народ урбанізаваны, абсалютная бальшыня жыве ў гарадах. Што датычыць вёскі, то беларускія дыялекты захоўваюцца больш-менш у паўночна-заходняй частцы краіны. І чым далей, тым меней будзе людзей, якія беларускую літаратурную мову засвойваюць на беларускім жа дыялектным грунце. І з гэтага вынікае, што будучыня беларускай мовы цяпер у руках гараджан, гарадскіх сем’яў, якія свядома выхоўваюць сваіх дзяцей па-беларуску, дамагаюцца для іх беларускіх школаў і садкоў.
Прэцэдэнты ёсць. Скажам, валійскі народ, які быў яшчэ ў цяжэйшых варунках, чым наш. Ангельская мова — яна і глабальная, і значна больш прэстыжная, чым валійская. Але, страціўшы вясковую базу, новае пакаленне валійцаў, ужо гараджанаў, знайшло магчымасць дамагацца (праўда, у дэмакратычных умовах) права вучыць дзяцей у садках і школах па-валійску, мець універсітэцкую перспектыву для новага валійскамоўнага і ўжо урбанізаванага пакалення. Надзіва гэты невялікі народ, нават не маючы незалежнасці, мае перспектыву ўратавання сваёй мовы.
А што датычыць нас, то нам ні ў якім разе нельга супакойвацца. Што да структурных юрыдычных рамак, то, безумоўна, ударам пад дых было скасаванне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай на тым славутым рэферэндуме. Праз 10 гадоў пасля яго UNESCO вымушаная была занесці беларускую мову на сваю страшнаватую, ледзьве не патолагаанатамічную мапу моваў свету, якім пагражае знікненне. Пакуль што на першым этапе, хаця некаторыя сацыялінгвісты кажуць, што, можа, ужо час і на другі ўзровень яе пераводзіць. Усяго іх пяць: першы — пагроза перадачы новым пакаленням, а апошні — поўнае знікненне. Сёння колькасць беларускіх школаў і беларускамоўных сем’яў меншае за чвэрць, а гэта паводле крытэраў UNESCO азначае, што ёсць рызыка страціць механізмы перадачы аўтэнтычнай мовы наступным пакаленням ва ўзросце немаўляці і ў малодшым школьным узросце.
Гэта наўпроставыя наступствы скасавання гэтага статусу беларускай мовы. Без вяртання ёй статусу адзінай дзяржаўнай шансы яе выжывання будуць прывіднымі.
— Ці згодныя вы з меркаваннем, што калі школьную адукацыю перавесці на беларускую мову, то праз дзесяць гадоў мы атрымаем пакаленне беларускамоўных людзей, і за будучыню мовы можна будзе не хвалявацца?
— Адно з другім звязана. Статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мае на ўвазе тое, што асноўны масіў адукацыйнай сістэмы — садочак, школа, сярэдне-спецыяльная і вышэйшая адукацыя — беларускамоўны. Тыя людзі, якія сёння рэальна валодаюць беларускай мовай, тыя сем'і, які дамагаюцца для сваіх дзяцей садочкаў і школаў па-беларуску, у бальшыні сваёй прайшлі гэта ў канцы 80-х і ранніх 90-х гадах. Яны самі выхоўваліся ў тых садках і вучыліся ў тых школах, якія былі рэальна беларускамоўнымі. І гэта не прайшло дарма. Але досвед пачатку 90-х таксама паказвае, што без хуткіх зменаў у вышэйшай адукацыі, без стварэння рэальных магчымасцяў прадоўжыць адукацыю па-беларуску будзе заставацца ўспрыманне беларускамоўнай школы як тупіковай галіны. Ну, павучыўся ты па-беларуску, а далей што? Далей усё роўна перавучвайся. Мы гэта праходзілі ў 70-я гады.