Больш за два мільёны авіяпасажыраў скарысталіся паслугамі Нацыянальнага аэрапорта Мінск з пачатку года, паведамілі на прадпрыемстве. У планах — дайсці да трох мільёнаў, а самыя папулярныя напрамкі ў пасажыраў — Расія, ААЭ і Турцыя.

Нацыянальны аэрапорт Мінск перасягнуў мяжу ў 2 мільёны абслужаных пасажыраў. Тэмп росту пасажырапатоку захоўваецца на ўзроўні 115% адносна мінулага года, паведамілі на прадпрыемстве.
«Паводле ацэнкі за 2024 год, аэрапорт плануе наблізіцца да адзнакі 3 мільёны абслужаных пасажыраў», — праінфармавала прэс-служба.
У топ самых папулярных кірункаў за студзень-жнівень 2024 года ўвайшлі:
- Масква (РФ) — больш за 6000 рэйсаў і звыш 730 тысяч пасажыраў;
- Санкт-Пецярбург (РФ) — каля 2000 рэйсаў і больш за 220 тысяч пасажыраў;
- Дубай (ААЭ) — каля 1000 рэйсаў і прыкладна 140 тысяч пасажыраў;
- Стамбул (Турцыя) — каля 800 рэйсаў і 120 тысяч пасажыраў;
- Тбілісі (Грузія) — каля 500 рэйсаў і каля 50 тысяч пасажыраў.
Нагадаем, у справаздачы аэрапорта за апошнія гады адзначаецца, што «дынаміка станоўчая»: па выніках працы за 2023 год было выканана 22,9 тысячы рэйсаў (плюс 15,5% да ўзроўню 2022 года), абслужаныя 2,5 млн авіяпасажыраў (плюс 20,7%). Імаверна, вырашылі не ўспамінаць, што ў 2019 годзе было выканана 28,4 тысячы рэйсаў, так што «станоўчая дынаміка» можа стаць адмоўнай у залежнасці ад пункту адліку.
Больш чым 30 гадоў бесперапыннага развіцця грамадзянскай авіяцыі незалежнай Беларусі фактычна былі перакрэсленыя рашэннем пасадзіць самалёт з Раманам Пратасевічам на борце ў 2021 годзе. Меры заходніх краін, прынятыя пасля гэтага, не толькі паўплывалі на ўзлёты і пасадкі самалётаў, але і працягваюць ціснуць на эканоміку краіны ў цэлым.
Чытайце таксама